top of page

А ці ведаеце вы пра беларускую лацінку, якую ААН і Google ў 2008 годзе ўключылі ў спіс сваіх моў?

Лаці́нка (таксама вядомая як «беларуская лацінка» ці «biełaruskaja łacinka» — ва ўласным запісе) — варыянт лацінскага альфабэту, прыстасаванага для запісу беларускай мовы. У шырэйшым сэнсе — часам выкарыстоўваецца як назва лацінскага альфабэту ўвогуле.[1]

На сёньняшні дзень у сучаснай форме ўжываецца час ад часу некаторымі аўтарамі ў тыднёвіку «Наша Ніва», у часопісе «Arche», іншых выданьнях, часткаю прэсы беларускае дыяспары, у аздабленьні музычных дыскаў, у інтэрнэце.

У Сярэднявеччы (XVI стагодзьдзе) зьявіліся першыя вядомыя запісы беларускага (кірылічнага) тэксту лацінскім пісьмом, з патрэбы ўлучаць старабеларускія цытаты ў польскія і лацінскія тэксты. Гэта былі некадыфікаваныя запісы, і, відавочна, яны рабіліся з выкарыстаньнем правіл польскай артаграфіі над старабеларускімі гукамі.

 

Першая старонка першага нумару «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага, 1863 г.

У XVII стагодзьдзі паступова пашырылі выкарыстаньне лацінскага пісьма, паралельна з кірылічным, беларускія рыма-католікі. Варта заўважыць, што перад XVII стагодзьдзем беларускія рыма-каталікі шырока карысталіся кірылічным пісьмом.

У XVIIІ стагодзьдзі лацінскім пісьмом, паралельна з кірылічным, карысталіся ў некаторых літаратурных творах, напісаных тагачаснай беларускай мовай. У канцы 2013 году ў Горацкім раёне быў знойдзены курганны могільнік і надмагільны камень, датаваны сярэдзінай XVIIІ стагодзьдзя, з надпісам, зробленым беларускай лацінкай: «Памажы, Госпадзе, Васілю року 1750».

У XIX стагодзьдзі некаторыя польскія пісьменьнікі й беларускія пісьменьнікі з польскага культурнага асяродзьдзя карысталіся лацінскім пісьмом, выключна ці часткова, у сваіх працах, напісаных па-беларуску. Асабліва Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Гурыновіч. Першыя выданьні «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага» Францішка Багушэвіча таксама былі надрукаваныя лацінкай.[3] Рэвалюцыйны дэмакрат Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную газэту «Мужыцкая праўда» (у арыгінале: «Mużyckaja prauda»; 7 нумароў у 1862—1863 гадах). Нелегальнае вершаванае беларускае выданьне «Гутарка двух суседаў» — папярэдніца «Мужыцкай праўды» — таксама друкавалася лацінкай і разыходзілася пераважна па Беласточчыне і Гарадзеншчыне. Вядома 6 нумароў «Гутаркі», першы зь якіх выйшаў у 1861 годзе. Як адзначыў Станіслаў Станкевіч, лацінка была выключнай для першых твораў беларускае адраджэнскае літаратуры.

Дунін-Марцінкевіч спасылаўся на довад, што яго чытацкая аўдыторыя, асабліва сялянская, была ў пэўнай ступені знаёмая з польскай графікай, але, ня маючы доступу да расейскамоўнай адукацыі, не магла чытаць кірыліцай.

 

Вокладка кнігі Рамуальда Зямкевіча пра Яна Баршчэўскага, выдадзенай у Вільні ў 1911 г.

 

Вокладка апавяданьня «Gedali» («Гэдалі») Элізы Ажэжкі, 1907 г., Вільня

Звычай лацінскага запісу беларускага тэксту паступова зьнікаў з ужытку на працягу першай чвэрці XX стагодзьдзя, хоць яшчэ ў пачатку XX стагодзьдзя назіралася суіснаваньне двух шрыфтаў, і шматлікія беларускія выданьні друкаваліся выключна ці часткова лацінкай. Лацінкай выдавалася газэта «Наша доля» (1906). «Наша Ніва» (нумары з пэрыяду 10 лістапада 1906 — 31 кастрычніка 1912) выходзіла асобна і кірыліцай, і лацінкай (падзагалоўкі нумароў у арыгінале: «Выходзиць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі» і «Wychodzić szto tydzień ruskimi i polskimi literami»). Зборнікі вершаў Цёткі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» былі надрукаваныя лацінкай. Таксама Цётка зрабіла спробу стварыць пачатковую дзіцячую чытанку па-беларуску лацінкай — «Першае чытаньне для дзетак-беларусаў».

Першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка» выйшаў у 1908 годзе і быў надрукаваны кірыліцай, а другі ягоны зборнік «Гусьляр» зьявіўся ў 1910 годзе і быў надрукаваны лацінкай.

У 1914 годзе ў Вільні быў выдадзены зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», на вокладках якога былі разьмешчаныя сьпісы кніг, якія магчыма замовіць у выдавецтве. Сярод 80 выданьняў 44 былі даступныя кірыліцай, 20 — лацінкай, а 16 былі выдадзеныя і даступныя абедзьвюма графікамі, і таму пры іхным замаўленьні таксама трэба было пазначаць, якімі літарамі мусіла быць надрукаванае выданьне — «рускімі» ці «лацінскімі».

На аснове лацінскага альфабэту Баляслаў Пачопка стварыў «Беларускую граматыку» (1915, надрукаваная ў 1918 годзе), але пэўнымі беларускімі мовазнаўцамі (у прыватнасьці — Сьцяпанам Некрашэвічам) яна лічылася падрыхтаванай ненавукова й з парушэньнямі законаў беларускай мовы.

 

Першая старонка газэты «Гоман», надрукаванай лацінкай, 1918 г.

Газэта «Гоман», якая выходзіла ў Вільні зь лютага 1916 да канца 1918 году, напачатку друкавалася кірыліцай, а пазьней — кірыліцай і лацінкай.[3]

Пасьля заняцьця ў часе I Сусьветнай вайны Віленшчыны й Заходняй Беларусі нямецкімі войсками, за беларускай моваю быў прызнаны афіцыйны статус у пісьмовай форме тагачаснай беларускай «лацінкі». У 1917 нямецкімі ўладамі выдаваліся пашпарты на нямецкай і беларускай мовах (лацінкай).

У 1918 годзе ў Брэславе (Уроцлаў) выйшла выданьне «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» («prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym») Яна Станкевіча і Рудольфа Абікта. У ім была распрацаваная і выкарыстоўвалася сыстэма лацінкі, не падобная да іншых: былі ўведзеныя дадатковыя дыякрытычныя знакі для пазначэньня мяккасьці і дадатковыя літары для замены дыграфаў dz, dž і ch.[5]

Пасьля Рыскай мірнай дамовы пераважна стаў выкарыстоўвацца кірылічны шрыфт, хоць сярод многіх беларускіх культурных дзеячаў існавала меркаваньне, што больш карысным і мэтазгодным для беларусаў зьяўляецца лацінскі шрыфт.

У 1926 годзе на Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе правапісу й азбукі, скліканай у Менску, большасьць удзельнікаў не падтрымала пераход з кірыліцы на лацінку, як адзіны беларускі шрыфт (напрыклад, Зьміцер Жылуновіч падтрымаў пераход і казаў, што гэта трэба зрабіць дзеля «большай прагрэсіўнасьці беларускае граматыкі»). Супраць пераходу былі такія беларускія мовазнаўцы, як, напрыклад, Вацлаў Ластоўскі. Перайсьці да лацінскага шрыфта лічылася на Канфэрэнцыі ідэалам, але зь ім пагадзілі не сьпяшацца, бо гэта азначала б вельмі моцны разрыў паміж расейскім і беларускім друкамі, да чаго шырокія масы не былі падрыхтаваныя. А ўжо ў 1929 годзе магчымы пераход на лацінку быў закваліфікаваны бальшавікамі як «шкодніцтва» і адна з шматлікіх спробаў штучнага адарваньня беларускай культуры ад расейскай[3].

У 1929 годзе выйшаў «Падручны беларуска-польскі слоўнік» складзены Баляславам Друцкім-Падбярэскім, беларуская частка якога была выкананая адначасова кірыліцай і лацінкай.

Увогуле ў 1920-я — 1939 гады, пасьля падзелу Беларусі (1921) паміж Польшчай і СССР, лацінскі альфабэт далей ужываўся ў беларускім друку Заходняй Беларусі, у каля 35% заходнебеларускіх выданьняў. Браніслаў Тарашкевіч упершыню ўвёў меркаваны выклад беларускага лацінскага альфабэту й колькі зьвязаных граматычных правілаў у 5-е (неафіцыйнае) выданьне сваёй граматыкі (Вільня, 1929).

Выклад беларускага лацінскага альфабэту
(Тарашкевіч, 1929)

.

 

Вокладка кнігі Чатыры Эванэліі — эвангельляў перакладзеных Вінцэнтам Гадлеўскім на беларускую мову

Лацінскі альфабэт у беларускай мове выкарыстоўваўся на акупаваных нямецкімі войскамі землях Беларусі (1941 — 1944 гады), і ў Празе, беларускай дыяспарай (1920-я — каля 1945 гады). Пасьля гэтага часу ў Беларусі лацінка не ўжывалася, але працягвала разьвівацца ў эміграцыі. У 19371941 гадох Ян Станкевіч прапанаваў варыянт лацінкі, у выглядзе якога яна і дайшла да нашых дзён[10].

Янка Запруднік у сваёй публікацыі «Транскрыпцыя беларускіх назоваў і прозьвішчаў» (Бацькаўшчына, №8, Мюнхэн, 1956) даводзіць, што для таго, каб пазьбегнуць скажэньняў у вымаўленьні беларускіх прозьвішчаў, трэба беларускія назовы пісаць беларускай лацінкай. Фанэтычны прынцып перадачы прозьвішчаў, які цяпер пераважна выкарыстоўваецца ў сучаснай Беларусі, добры тым, што прынамсі часткова перадае гукавы бок прозьвішча, але ў сваю чаргу вядзе да хаосу ў ягоным напісаньні ў розных мовах з прычыны адсутнасьці адзінага міжнароднага альфабэту і дыякрытычных знакаў.[3] У публікацыі прыводзіцца прыклад таго, што іншыя народы, якія карыстаюцца лаціскім альфабэтам, перадаюць свае прозьвішчы і геаграфічныя назвы ў іншыя мовы (таксама з лацінскім альфабэтам) за рэдкімі выняткамі безь ніякіх зьменаў.

Пасьля Другой сусьветнай вайны беларуская лацінка выкарыстоўвалася беларускаю дыяспарай у не-савецкай Эўропе (асабліва ў Заходняй Нямеччыне, таксама пэўныя прыклады ў Польшчы) і ў Амэрыцы (пераважна ў ЗША). У 19471950 гадох у Лёндане выходзіў беларускі грамадзка-палітычны двухтыднёвік «Беларус на чужыне». Часопіс выдаваўся на беларускай мове кірыліцай і лацінкай на рататары — машыне трафарэтнага друку.[3] Часопіс беларускіх скаўтаў на чужыне «Rada Kruhu», першы нумар якога выйшаў у 1951 годзе, друкаваўся ў Чыкага лацінкай. Лацінкай выдаваўся навуковы часопіс «Łitva» (Чыкага, 1967 — каля 1973, рэдактар Вацлаў Пануцэвіч), а ў 1972 годзе таксама ў Чыкага выйшла кніга Вацлава Пануцэвіча «Bieraściejskaja vunija».

У 1962 годзе Ян Станкевіч прапанаваў цалкам іншы вы́клад беларускага лацінскага альфабэту.

Вы́клад беларускага лацінскага альфабэту
(Станкевіч, 1962)

 

Верш «Немец» з зборніка Францішка Багушэвіча

 

Зборнік вершаў «Гусьляр» Янкі Купалы з урыўкамі. Пецярбург, 1910.


У 1964 годзе ў выдавецтве «Заранка» ў Нью-Ёрку выйшаў беларускі лемантар. Прыкладна на дзьве траціны ён быў напісаны лацінкай, рэшта — кірыліцай. У лемантары выкарыстоўваецца варыянт лацінкі, вельмі моцна набліжаны да сучаснага, розьніца, бадай што, толькі ў перадачы спалучэньня гукаў [ji], які ў лемантары перададзены ў адпаведнасьці з вымаўленьнем спалучэньнем літараў «ji», што характэрна большасьці заакіянскіх выданьнях па-беларуску лацінкай, а ня проста «i», як гэта было на тэрыторыі Беларусі.

Напрыканцы XX — пачатку XXI стагодзьдзя лацінка атрымала чарговую хвалю пашырэньня, якому не ў апошнюю чаргу паспрыяла разьвіцьцё інтэрнэту ў Беларусі. Разам з гэтым пачалі зьяўляцца разнастайныя прапановы ўнесьці зьмены ў сыстэму пісьма беларускай лацінкі: у прыватнасьці, замяніць літару ŭ на w, адмовіцца ад літары ł (для цьвёрдага л ужываць літару l, а мяккасьць гуку абазначаць як і для астатніх зычных: ль абазначаць літарай ĺ па аналёгіі з ć, ń, ś і ź) і некаторыя іншыя. На думку доктаркі філялягічных навук Ніны Баршчэўскай, патрэбы рэфармаваць лацінку няма, бо яна дасканала адлюстроўвае ўсе рысы, характэрныя беларускай мове, і таксама існуе працяглая традыцыя выкарыстаньня беларускай лацінкі ў разьвіцьці сучаснай беларускай мовы, за час якой выпрацаваўся ўзор беларускай лацінкі[10]. Літару w нельга пісаць замест ŭ, таму што літара w у гісторыі разьвіцьця беларускай лацінкі азначала кірылічную літару в і выкарыстоўвалася ў такім значэньні ў шматлікіх выданьнях XIX — пачатку XX стагодзьдзя. На думку Ніны Баршчэўскай, літара ł мае ўсе падставы для існаваньня ў беларускай лацінцы, да таго ж напісаньне кшталту lies можа прывесьці да памылковага дыфтангічнага вымаўленьня, бо ў некаторых беларускіх гаворках на поўдні Беларусі, а таксама на Падляшшы выступае дыфтонг ie, што вымаўляецца як гук [i], які плаўна пераходзіць да [e].[12]

У 2000 годзе была зацверджаная Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту — мэтад запісу лацінскім пісьмом (раманізацыі) беларускага кірылічнага тэксту (у геаграфічных назвах), ухвалены пастановаю Дзяржаўнага камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 году).[13] Апошнія зьмены ўносіліся 11 чэрвеня 2007 году. Галоўны спэцыяліст сэктару картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэту маёмасьці Натальля Аўраменка паведаміла, што інструкцыя па транслітарацыі стваралася на падставе беларускай лацінкі, якая была распрацаваная Тарашкевічам.[14]

Гэтая Інструкцыя разглядаецца Працоўнай групай ААН па раманізацыях Групы экспэртаў ААН па геаграфічных назвах (UNGEGN)[15] і была прапанаваная беларускім бокам да ўжытку ў якасьці нацыянальнай на IX канфэрэнцыі ААН па стандартызацыі геаграфічных назваў

Пасля ўвядзеньня Інструкцыі былі выпушчаны мапы і ўсталяваныя некалькі лацінкавых шыльдаў у цэнтры Менску.

futb2-1.jpg
i475HQHFD.jpg
bottom of page