top of page

А якія вершы  пра МОВУ вы ведаеце? Можа нейкія малавядомыя?

А можа вы самі пішаце вершы? Чакаем...

Уладзімір Дубоўка, "Родная мова, цудоўная мова"

 

Родная мова, цудоўная мова! 
Ты нашых думак уток і аснова! 

Матчын дарунак ад самай калыскі, 
ты самацветаў яскравая нізка. 
Кожны з іх барвы дзівосныя мае, 
вечным агнём зіхаціць – не згарае. 
Ты мне заўсёды была дапамогай, 
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай. 
Чую ў табе перазвоны крыніцы, 
чую ў табе і раскат навальніцы, 
чую павевы зялёнага бору, 
водгулле працы на родным прасторы. 
Кажнай драбнічкай ты варта пашаны, 
кожнае слова вякамі стварана. 
І на вякі яно жыць застаецца, 
вечнае так, як народнае сэрца.

 

 

Рыгор Барадулін, "Беларускае слова"

 

Беларускае слова ад спеву,
Бо спявае ў ім даўніна.
Беларускае слова ад гневу,
Ад Ярылы, ад Перуна.
 
Беларускае слова ад ласкі —
Сведчаць вусны ды салаўі, —
Не наймаліся ні ў падпаскі,
Ні ў падбрэхічы, ні ў халуі.
 
Беларускае слова ад злосці
Да няпрошаных прыбышоў,
Асалоду п’е з чараў мілосці,
Медавуху духу — з каўшоў.
 
Беларускае слова ад славы,
Ад ракі, дзе светлае дно.
Госці ўстануць з застольнай лавы,
Як у хату зойдзе яно.
 
Беларускае слова ад Бога.
Слову нашаму Бог дапамог.
Хто не любіць яго, ад таго
Назаўсёды адвернецца Бог!

 

 

Еўдакія Лось, "Не чакайце, што буду хваліцца..."

 

Не чакайце, што буду хваліцца
Перад іншымі мовай маёй.
Хіба хваліцца з лесу крыніца,
Што грымотней яна за прыбой?

Той, хто любіць папраўдзе, ён ціха
Слова роднае ў сэрцы спяліць,
Беражэ ад пагарднага ліха:
Калі слову, то й сэрцу баліць...

 

 

Леанід Дайнека, "Беларусь, ты не забыта..."

 

Беларусь, ты не забыта.
У душы, як Божы знак:
Хата… Канюшына… Жыта…
Бульба… Бусел… Шпак…
Мроя… Хлопец закаханы…
Цемра… Шлях дамоў…
Беларусь, ты збудавана
З беларускіх слоў!

 

 

Алесь Бачыла, "Матчына мова"

 

Жывое ў вяках беларускае слова –
Народа душа і народа хвала.
Цябе абзывалі “мужыцкаю мовай”,
А нам жа ты матчынай мовай была.
 
І самай прыгожай, і самаю мілай,
Той маці, што шыла нам світкі з радна,
Што ўлетку на рэчцы палотны бяліла,
А ўвосень авёс дажынала адна.
 
Той маці, што зімамі кросны снавала,
Што з самай калыскі, як толькі магла,
Сумленнасці, праўдзе, дабру навучала,
Старанна ад розных хвароб берагла.
 
Прыеду дадому... І што за праява...
Пачую гаворку, ці песню, ці верш –
Здаецца са мной размаўляеш ласкава,
І сцежкаю поруч са мною ідзеш.
 
У маках чырвоных гарыць прыгуменне...
О матчына мова! Маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на свеце адна.

 

 

Ларыса Геніюш, "Мова мая"

 

Засумавала ўсё, што сэрцу блізка,
вятры іначай, жаласна гудуць…
Мову маю, быццам дзіця з калыскі,
бы маці родную, прадчасна ў дол кладуць…
 
Сум па дарогах, па галлі вярбовым,
сум у вачох, трывожны болю цень…
Ўжо не смяецца, толькі хмурыць бровы
бяссонечны наш беларускі дзень.
 
Ёсць саранча, што аб’ядае дрэвы,
i буры, здольныя зь зямлёю ўсё зраўнаць…
За што табе, мой ціхі Краю спеўны,
з грудзёў магутных душу вырываць?
 
Наш вечны зніч, ручво крыві гарачай,
бурліш дняпроўскай хваляй праз вякі,
з табой жывем, з табой нас свет убачыў,
са слоў тваіх паэты ўюць вянкі.
 
Мова мая, наш чысты твар нявінны,
з табой не ўстыд нам выйсці да людзей,
падбітая у родных каляінах,
прыдушана ля матчыных грудзей…
 
Без крыўд чужых, а з крыўдамі сваімі,
прачыстая, гатовішся на крыж,
патоптана, распятая чужымі,
малітваю на вуснах нам дрыжыш.
 
Мы стаімо, Пятры і Магдалены,
Пілаты рукі вымылі ў крыві…
Мова мая, народу скарб нятленны,
мова мая, ўваскросні і жыві!

 

 

Анатоль Грачанікаў, "Мова"

 

Мова...
Родная мова
У марах, у песнях, у снах.
Мае ў ёй кожнае слова
Свой колер, і смак, і пах.
Зліваюцца гукі ў словы
I ў рэчышча роднай мовы,
Як рэкі ў мора, цякуць,
I думкі мае плывуць
На хвалях і дзён, і начэй
Да сэрцаў людскіх і вачэй.

 

 

Максім Танк, "Родная мова"

 

З легендаў і казак былых пакаленняў, 
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц, 
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў, 
З грымучага ззяння бурлівых крыніц, 
З птушынага шчэбету, шуму дубровы, 
I з гора, і з радасці, і з усяго 
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову 
Святыні народа, бяссмерця яго,— 
Ты выткана, дзіўная родная мова. 
Няма на зямлі таго шчасця і гора, 
Якога б ты нам перадаць не магла. 
Няма такіх нетраў, глыбокага мора 
I гор, праз якія б ты не правяла 
Мяне на радзіму, туды, дзе сягоння 
Стаіць акрываўлены вораг з пятлёй 
Над спаленай хатай, над родным загонам, 
Над будучыняй і над песняй маёй,— 
Над тым, што было і што век будзе вольным. 
Народ пранясе цябе, родная мова, 
Святлом незгасальным у сэрцы сваім 
Праз цемру і годы змаганняў суровых. 
Калі ж ападзе і развеецца дым 
I нівы васкросшыя закаласяцца,— 
Ізноў прашуміш ты вясновым дажджом, 
Ізноў зазвініш ты у кожнай у хаце, 
Цымбалам дасі іх сярэбраны гром 
I вусны расквеціш усмешкай дзіцяці.

 

 

Наталля Арсеннева, "Роднай мове"

 

Нашая мова, пявучая мова,
Голас народа знямелы амаль,
Нашая годнасць i прашчураў слова,
Наша ахвяра, наш смутак i жаль.
 
Ты - наша песня i вечная ода
Богу, якi нам цябе падарыў -
Заваяваная разам з народам,
Страцiла лепшых сыноў без пары.
 
Ты - наша сэрца, крынiца жывая,
Сiмвал жыцця ў сутарэннях турмы…
Цiха канае крынiца святая,
Спынiцца сэрца, загiнем i мы.
 
Нашая казка, легенда сiвая,
Велiчы сведка i мужных баёў,
Родная мова, пакуль ты жывая,
Будзе жыць й люд беларускiх краёў.

 

 

Сяргей Чыгрын, "Кажыце сваяцтва, а не радство..."

 

Кажыце сваяцтва, а не радство
Кажыце сваяцтва, а не радство,
Кажыце краса, пекната, хараство,
І дабрыня, меншыня, меншыня —
Кажыце, пакуль вам падказваю я.
Адметны кажыце і адмысловы —
Такія прыгожыя родныя словы.
Кажыце круцёлка, а не вяртушка,
Кажыце ваяка, жаўнер і ваяр,
Ялінка, ядловец, юшка і яр.
Малы і малеча, а не малыш,
І вельмі прыгожае слова спаміж.
Забудзьце ляднік, а ёсць наша — лядоўня,
Трайняты кажыце заўжды, а не тройня.
Крумкач ці груган, ды толькі не воран
Кажыце, калі ён лятае над борам.
Ёсць плата, вядома, а не плацеж.
Ды куфлем піва суседа пацеш.
Пасля пачастуй баханкай хлеба,
А не буханкаю — гэтак не трэба.
Кажыце, што ў збан малако наліваецца,
Але не жбан ці жбанок падстаўляецца.
Не загавор вы кажыце, а змова —
На словы багатая родная мова.
Ёсць слова наросхрыст — не нараспашку,
Сарочку сваю апрануць — не рубашку.
Ёсць слова паспешлівы — ды не таропкі,
Нялёгка прайсці праз горы і сопкі.
Ёсць слова таннець — не дзешавець...
Нам блізкія словы лягчэй зразумець.
На іх і трымаецца родная мова —
Таму беражыце яе кожнае слова!

bottom of page